Поиск:


19.02.2008

На станцыях пералівання крыві няма рэдкіх груп плазмы

Такая сітуацыя з 3-й, 4-й групамі і адмоўнымі рэзусамі. Па новых правілах, плазму адпраўляюць на тры месяцы “на каранцін”, каб пазбегнуць заражэння ВІЧ і іншымі інфекцыямі. Медыкі кажуць, што апошнім часам брак з-за інфекцый павялічыўся.

Па новых правілах, здадзеная кроў мусіць праляжаць тры месяцы “на каранціне” перад тым, як яе можна будзе выкарыстоўваць. За гэты час донара паўторна правяраюць на наяўнасць інфекцый. З-за гэтага на станцыях пералівання крыві пакуль ёсць не ўсе групы плазмы. На станцыі пералівання крыві Міністэрства аховы здароўя Еўрарадыё распавялі, што не хапае плазмы не толькі ў іх, а і па ўсім горадзе. - Праблема па ўсім горадзе з плазмай насамрэч ёсць. Кроў ёсць - маецца на ўвазе R-маса. А плазмы няма, бо яна ўся цяпер на каранцін на тры месяцы закладаецца. - Што значыць “на каранцін закладаецца”? Што гэта такое? - Тры месяцы мы не маем права выдаваць, у сувязі з інфекцыямі: ВІЧ, гепатыт, сіфіліс”. Галоўны лекар станцыі пералівання крыві Збышак Пабяржын распавёў Еўрарадыё, што гэта загад Міністэрства аховы здароўя. І ён выкліканы выпадкам, які здарыўся некалькі гадоў таму. Збышак Пабяржын: “Так, быў выпадак ці то ў Светлагорску, ці то ў Салігорску некалькі гадоў таму. Рэцыпіенту пералілі кроў донара, а потым, калі донара паўторна абследавалі, аказалася, што ў яго ВІЧ-інфекцыя. Насамрэч, донар прыйшоў здаваць кроў, калі ў яго быў сера-канверсійны перыяд, і наша апаратура не магла выявіць хваробу, бо яшчэ не выпрацаваліся ў чалавека антыцелы, на якія апаратура рэагуе”. Плазмы на станцыях няма менавіта таму, што ўсе ўстановы пачалі выконваць загад адначасна. Загад Міністэрства аховы здароўя выйшаў яшчэ восенню, але, каб яго выканаць, трэба было “на вушах стаяць”, кажа Збышак Пабяржын. Збышак Пабяржын: “Ён выйшаў недзе ў кастрычніку. Але гэта ж не так проста, бо вельмі дорага. Гэта ж трэба шмат закупіць маразільнага абсталявання, новыя памяшканні падрыхтаваць, кандыцыянеры, камп’ютарныя праграмы па каранцінізацыі, падрыхтаваць персанал… Велізарная праца, мы “на вушах стаялі”, калі выйшаў гэты загад. Атрымліваецца, што ўсе ўстановы прыкладна ў адзін і той жа час пачалі выконваць загад, і таму… бывае, што няма разнастайнасці плазмы…” Еўрарадыё запыталася, ці шмат ужо было выпадкаў, калі ў донараў выяўляліся інфекцыі пры паўторным абследаванні. То бок, наколькі гэта частая з’ява - пераліванне заражанай плазмы? Галоўны лекар станцыі сказаў, што яму нельга такое распавядаць. І таму адказаў завуалявана. Збышак Пабяржын: “Брак - калі кроў прыходзіцца ўтылізаваць з-за інфекцый - павялічыўся. Рабіце выснову самі”. Збышак Пабяржын кажа, што недахоп некаторых груп плазмы - часовая з’ява. На пытанне, што будзе, калі, напрыклад, трэцяя адмоўная група будзе неабходная тут і цяпер і вельмі хутка, не адказвае. Але новаўвядзенне ўхваляе. Бо, кажа, калі яны прадухіляць заражэнне СНІДам хаця б аднаго чалавека на ўсю сталіцу, то яно ўжо апраўдана.

Источник: