Поиск:


19.03.2018

Японскі праект у Гродзенскай вобласцi

У рамках праграмы «Карані травы» ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання гранта – кантракта на рэалізацыю праекта ў Гродзенскай вобласці

— Я задаволены, што ўпершыню ў гісторыі грантавай праграмы «Карані травы», якая праводзіцца ў Беларусі з 2004 года, будзе рэалізаваны праект у Гродзенскай вобласці, — адзначыў Часовы Павераны ў справах Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Такао Асамура. — Дзіцячая паліклініка № 1 Гродна атрымае грант для закупкі чатырох апаратаў розных відаў тэрапіі, неабходных для юных пацыентаў. Маю надзею, што гэты праект паспрыяе яшчэ большаму павышэнню якасці рэабiлiтацыi і аздараўлення дзяцей.

Мэта праграмы «Карані травы» — падтрымка пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў. Японскі народ не можа заставацца абыякавым да гэтай трагедыі: пра ядзерныя катастрофы ў Японіі ведаюць не па чутках. Гэты праект стане чацвёртым, зацверджаным у гэтым годзе, і 42-м рэалізаваным у Беларусі.

— Мы правялі вялікую пад-рыхтоўчую работу і вельмі рады, што сярод шматлікіх заявак выбралі менавіта нашу медыцынскую ўстанову, — падкрэсліла галоўны ўрач дзіцячай паліклінікі № 1 Ірына Луканская. — Удзячныя нашым японскім сябрам за падтрымку ў набыцці фізіятэрапеўтычнага абсталявання для медыцынскай рэаблітацыі юных пацыентаў паліклінікі па шасці юрыдычных адрасах — мы абслугоўваем больш як 40 тысяч дзяцей. Фізіятэрапеўтычную дапамогу атрымаюць нашы падапечныя з Гродна, Гродзенскага раёна, а таксама юныя навучэнцы санаторных школ-інтэрнатаў.

Источник: http://www.medvestnik.by